ТУРА́НСКАЯ ПЛІТА́,

частка Цэнтральнаеўраазіяцкай платформы ў Сярэдняй Азіі і Казахстане. Пл. больш за 2 млн. км², даўж. і шыр. ў сярэдняй ч. прыблізна 1,6 тыс. км. Мяжуе на ПнЗ з Прыкаспійскай упадзінай Рускай пліты, на Пн з Уральскім хр. і праз Кустанайскую седлавіну з Заходне-Сібірскай плітой, на ПнУ з Цэнтральнаказахстанскім шчытом, на ПдУ і У з вобласцю эпіплатформеннага арагенезу (хрыбты Гісара-Алая, Цянь-Шаня і інш.), на ПдЗ з вобласцю альпійскай складкавасці (хр. Капетдаг і інш.), на З, пад водамі Каспійскага м., — са Скіфскай плітой. Паверхню Т.п. займае Туранская нізіна.

Крышт. фундамент складзены з дарыфейскіх масіваў (Сырдар’інскі, Каракумскі, Карабагазскі, Паўн.-Усцюрцкі) і складкавых сістэм, якія іх раздзяляюць (каледонскіх, герцынскіх, кімерыйскіх; буйнейшая — працяг герцынскіх структур Урала). У асобных месцах фундамент выходзіць на паверхню (горы Каратау, узв. Кызыл-Кія). Асадкавы чахол мае 2 структурныя паверхі (некат. даследчыкі вылучаюць 4), утвораныя ў кімерыйскія і альпійскія этапы развіцця. Магутнасць яго да 1—5 км. у вял. сінеклізах (напр., Усх.-Туркменская) да 10—14 км. Складзены з адкладаў мезазойска-кайназойскага ўзросту: тэрыгенна-вулканагеннай і вугляноснай фармацый, тэрыгенна-карбанатных, тэрыгенна-глаўканітавых і саляносных тоўшчаў, стракатакаляровых глін і каалінаў, мергеляў, мелу, глін, пяску, пясчанікаў і інш. Пароды чахла ў рознай ступені дыслацыраваны. Сярод тэктанічных структур вылучаюцца скляпенні, выступы. мульды, сінеклізы. упадзіны. буйныя лінейныя зоны прагінаў (Паўн.-Туркменская), кражы, грады, мегантыкліналі і мегасінкліналі і іх сістэмы (Мангышлакская). саляны вал (Рэпетэкскі), зоны ступеньчатага апускання ўздоўж разломаў і зоны ўскраіннага (перыплатформеннага) апускання. Радовішчы нафты і газу (Мангышлакскі нафтагазаносны раён), фасфарытаў, руд ртуці, мыш’яку, барыту, марганцу і інш.; мінер. крыніцы, у т. л. тэрмальныя.

Літ.:

Гарецкий Р.Г. Тектоника молодых платформ Евразии. М., 1972;

Хаин В.Е. Региональная геотектоника. Внеальпийская Европа и Западная Азия. М., 1977;

Витте Л.В. Типы континентальной земной коры и история их развития. Новосибирск, 1981.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 16, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)